Занятак 4. ГЭТА ВАЖНА!

Дзялімасць. Прыметы дзялімасці


Спосабы выканання дзялення вельмі простыя, цяпер кожны вучань пасля навучання дзяленню мнагазначнага ліку на адназначны і мнагазначнага ліку на мнагазначны лёгка і хутка выконвае дзяленне і атрымлівае вынік. Правілы выканання дзялення не заўсёды былі такімі. Нашы продкі карысталіся вельмі грувасткімі і працаёмкімі прыёмамі, прычым у розных народаў былі свае правілы.  Даўней казалі: «Множанне - пакута, а з дзяленнем - бяда». Існавала вельмі шмат розных прыёмаў выканання множання і дзялення. Засвойваліся гэтыя прыёмы з вялікай цяжкасцю і вельмі доўга. Людзей, якія маглі выконваць множанне і дзяленне, было вельмі мала, лічылася, што для выканання гэтых аперацый трэба прыродная здольнасць, а просты чалавек гэтаму навучыцца не мог.
Карысна ведаць некаторыя ўласцівасці дзялімасці для натуральных лікаў:
  • Калі а дзеліцца на с і b дзеліцца на с, то сума a+b дзеліцца на c. 
  • Калі а дзеліцца на с і b дзеліцца на с, то рознасць a-b (a-b> 0) дзеліцца на c. 
  • Калі а дзеліцца на c або b дзеліцца на с, то здабытак ab дзеліцца на c. 
  • Калі натуральны лік a дзеліцца на здабытак натуральных лікаў b і c, то a дзеліцца на кожны з лікаў b і c. 
  • Калі a дзеліцца на b і b дзеліцца на с, то і а будзе дзяліцца на с


Для таго каб хутка даведацца, ці дзеліцца адзін лік на другі, не звяртаючыся непасрэдна да выканання дзялення, былі ўсталяваныя прыметы дзялімасці.

  • Лік дзеліцца на 2, калі ён заканчваецца цотнай лічбай (2, 4, 6, 8) ці нулём. 
  • Лік дзеліцца на 3, калі сума яго лічбаў дзеліцца на 3.
  • Лік дзеліцца на 4, калі дзве апошнія лічбы ў яго запісе нулі, або ўтвараюць лік, які дзеліцца на 4.
  • Лік дзеліцца на 5, калі ён заканчваецца 0 або 5.
  • Лік дзеліцца на 6, калі ён дзеліцца на 3 і на 2.
  • Лік дзеліцца на 9, калі сума яго лічбаў дзеліцца на 9.
  • Лік дзеліцца на 10, калі ён заканчваецца 0.
  • Лік дзеліцца на 25, калі дзве апошнія лічбы яго запісу нулі або ўтвараюць лік, які дзеліцца на 25.
  • Лік дзеліцца на 8, калі тры апошнія лічбы ў яго запісе нулі, або ўтвараюць лік, які дзеліцца  на ​​8.
  • Лік дзеліцца на 11, калі рознасць паміж сумай лічбаў, якія стаяць на няцотных месцах, і сумай лічбаў, якія стаяць на цотных месцах, дзеліцца на 11, або гэтыя сумы роўныя.